ЭЛЕКТРАМАШЫ́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

электрычны генератар, які пераўтварае мех. энергію вярчэння ў электрычную. Падзяляюцца паводле характару току, які выпрацоўваюць (генератары пераменнага і пастаяннага току; гл. Пераменнага току машына, Пастаяннага току машына), магутнасці, віду ўзбуджэння, і інш. Адрозніваюць сінхронныя генератары і асінхронныя генератары.

Найб. пашыраны сінхронныя Э.г., якія даюць пераменны ток прамысл. частаты (у краінах СНД, Беларусі і большасці краін свету 50 Гц, у ЗША 60 Гц). Выкарыстоўваюцца як асн. крыніца электраэнергіі на цеплавых (цеплагенератары), гідраўлічных (гідрагенератары), атамных і інш. (гл. Магнітагідрадынамічны генератар) электрастанцыях. Э.г. пастаяннага току выкарыстоўваюцца ў якасці аўтаномных крыніц току і ў электрапрыводзе сістэмы «генератар—рухавік» (пракатных станаў, шахтавых пад’ёмных установак, папераробных машын і інш.).

У.​М.​Сацута.

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)